«МАСТА́ЦТВА ДЗЕ́ЛЯ МАСТА́ЦТВА»,
«чыстае мастацтва», назва шэрагу эстэтычных канцэпцый, што грунтуюцца на сцвярджэнні самакаштоўнасці маст. творчасці і яе незалежнасці ад грамадскага жыцця. Філас. аснова гэтай канцэпцыі — вучэнне І.Канта, які абвясціў «чысты» характар эстэтыкі, вольны ад маралі і палітыкі. У тэорыю аформілася да сярэдзіны 19 ст. ў Францыі, распаўсюдзілася ў еўрап. і інш. краінах. Сярод прадстаўнікоў «М. дзеля м.» С.Малармэ, Т.Гацье (Францыя), П.Аненкаў, А.Майкаў, А.Бенуа (Расія) і інш. З крытыкай тэорыі «М. дзеля м.» і яе практыкі, што ігнаравала грамадскую праблематыку ў маст. творчасці, выступалі рус. рэв. дэмакраты, марксісты. Прыхільнікі «М. дзеля м.» ідэалізуюць эстэтыку мінулага, далучаюцца да фармаліст. плыней (абстракцыянізм, акмеізм, дэкадэнцтва, кубізм, сімвалізм, фармалізм).
т. 10, с. 197
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)